Аўтарытарнае жыццё ўвайшло ў прыкольную фазу

А прыкольная фаза звычайна бывае завяршальнай. Лексікон грамадзян самастойных краін, узніклых на тэрыторыі былога СССР, даўно папоўніўся словам «прыкольна». Ім карыстаецца не толькі моладзь, якая любіць казырнуць нечым новым, модным, але і пенсійны, ссівелы люд. Яно ўжываецца настолькі часта, што стала словам-паразітам. Безумоўна, гэта не самая вялікая і надзённая праблема ў лінгвістыцы. Ці мала слоў-паразітаў блукае ў размовах людзей у любой краіне. Але сутнасць таго, што адбываецца сёння ў размоўнай стыхіі, наўпрост тычыцца і нашай жыццёвай будзённасці. Калі ўважліва агледзецца навокал, то стане ясна, што аўтарытарная Беларусь сапраўды ўвайшла ў прыкольную фазу свайго развіцця. Куды ні кінься — усюды прыкол. Аказваецца, што дэпутат, які хаваўся, каб не галасаваць за незалежнасць Беларусі, а затым, прарваўшыся да вышэйшай улады, замахнуўся на крамлёўскі трон, дзеля чаго стаў «вялікім інтэгратарам» і загнаў нас у пастку задушнай саюзнай дамовы, — цяпер стаў самым вялікім і непахісным змагаром за незалежны статус.