Мы выйдзем шчыльнымі радамі

Cуды 2020 плаўна пераходзяць у гімн. Нельга сказаць, што суды пачатку 2020-га году ў Беларусі неяк кардынальна адрозніваліся ад судоў мінулагодніх, ці яшчэ ранейшых. Не. Суды тыя ж самыя, суддзі таксама, ды і ў падсудных тыя ж самыя імёны, прозвішчы і нават абліччы… Я маю на ўвазе суды над грамадскімі актывістамі, вядома ж…Але адна розніца ўсё ж ёсць. І розніца кардынальная. Даўно не прыходзілася беларускім судам судзіць людзей за тое, што яны выйшлі бараніць Незалежнасць Беларускай Дзяржавы… Той самай дзяржавы, у якой, праўдападобна, толькі і могуць існаваць гэтыя суды, што судзяць актывістаў, і гэтыя міліцыянты, што затрымліваюць тых актывістаў… А персанажы гэтыя, суддзі ды міліцыянты, з большага ўсе з вышэйшай адукацыяй, і многія арыентуюцца ў заканадаўстве. І хоць трактуюць яго па-свойму, але напэўна добра разумеюць, як гэтыя іх дзеянні могуць ацэньвацца, калі сітуацыя хоць крыху павернецца ў другі бок…Хіба таму на разглядзе скаргаў гарадзенскіх актывістаў у Абласным судзе ўсе дзеючыя асобы, ад актывістаў і ажно да суддзяў, нібыта памяняліся месцамі… І недасвечанаму чалавеку, напэўна, з першага разу было б цяжкавата зарыентавацца, хто каго судзіць! А самае галоўнае – за што?!Ужо на першым жа разглядзе скаргі Ежы Грыгенчы, на пытанне суддзі, ці давярае Ежы гэтаму складу суда, Грыгенча задае суддзю сустрэчнае пытанне:– А якой нацыянальнасці суддзя?У іншы час гэтае пытанне было б успрынятае як абсурднае.