Беларускі космас

Людзі прызналі сваімі ўсе тры нацыянальныя сымбалі — герб, сьцяг і лёзунг «Жыве Беларусь». Масавыя акцыі салідарнасьці, праведзеныя беларусамі ў дзясятках гарадоў і краін сьвету, у тым ліку ў такіх нязвыклых, як востраў Балі, Кіпр ці Ізраіль, дазваляюць яшчэ раз зрабіць вельмі важную выснову — нацыя беларусаў знаходзіцца ў фінальнай стадыі свайго фармаваньня. Нацыянальны маніфэст у дзясятках гарадоў сьветуНасамрэч, апошнія два тыдні — неверагодныя. Гэта адна з маніфэстных кульмінацый беларускай гісторыі найноўшага часу. Людзі, якія часта па многа гадоў жывуць за мяжой і даўно інтэграваныя ў іншаэтнічныя супольнасьці, а таксама тыя, хто прыехаў туды зусім нядаўна, пільна сочаць за падзеямі на Бацькаўшчыне, перажываюць за яе, востра адчуваюць патрэбу перамен, якія зрабілі б іх родную краіну свабоднай і справядлівай. Фота: Алесь Карніенка Гэтыя людзі гавораць на розных мовах, у іх розныя палітычныя густы, яны па-рознаму разумеюць правы чалавека і правы мяншыняў, па-рознаму глядзяць на сьвет і падзеі, якія ў ім цяпер адбываюцца.