У Кіеве прайшла акцыя салідарнасьці зь беларусамі

Беларускія і ўкраінскія актывісты на Крашчаціку стварылі ланцуг салідарнасьці. У Кіеве акцыя салідарнасьці зь Беларусьсю пачалася з ушанаваньня памяці Міхася Жызьнеўскага, які загінуў на пачатку 2014 года ў часе масавых акцыяў пратэсту, паведамляе «Радыё Свабода» . Пасьля хвіліны маўчаньня ля помніка Міхасю Жызьнеўскаму на вуліцы Грушэўскага беларускія і ўкраінскія актывісты накіраваліся на майдан Незалежнасьці, дзе спачатку правялі невялікае веча, а потым на Крашчаціку стварылі ланцуг салідарнасьці. Фото: «Радыё Свабода» «26 гадоў Лукашэнка ўтрымлівае ўладу пры падтрыманьні Масквы. Беларусы выходзяць на вуліцы пад бел-чырвона-белымі сьцягамі, каб сказаць, што маюць права жыць у вольнай, незалежнай і дэмакратычнай краіне. Сёньня па ўсім сьвеце праходзяць акцыі салідарнасьці з народам Беларусі», — сказала сустаршыня Руху салідарнасьці «Разам» Алена Талстая, зьвяртаючыся да ўкраінцаў. Фото: «Радыё Свабода» Упершыню ў акцыі салідарнасьці ў Кіеве ўдзельнічаў Улад Рымашэўскі — выпускнік менскай гімназіі N 192, які на выпускной лінейцы заявіў, што спадзяецца на перамены пасьля выбараў.