Cапраўдная Беларусь выйшла з прапагандысцкага гіпнозу

Яна пераможа нахабных цемрашалаў, фальсіфікатараў і пустадомкаў. Аўтарытарызм усталяваўся ў незалежнай Беларусі не праз захоп ворагам тэрыторыі і навядзенне на ёй чужых парадкаў. Палітычна неадукаванае насельніцтва само бяздумна здавала дэмакратычныя заваёвы, здабытыя крывёю мужных папярэднікаў. Намаганні далёкіх продкаў, а затым сучаснікаў, якія ў 80-х гадах ХХ стагоддзя шмат зрабілі для прыходу дэмакратыі, развіцця нацыянальнага адраджэння, умацавання грамадзянскай і чалавечай годнасці, былі знішчаны. Абыякавая беларуская большасць дазволіла нахабным выскачкам прарвацца ва ўладу, зляпаць прымітыўную камандную вертыкаль, звесці на нішто правы і свабоды грамадзян. Па астранамічных тэрмінах праўлення адной асобы і жорсткасці адміністратыўнага ўціску Беларусь пераплюнула нават многія афрыканскія краіны. Прайшло 26 гадоў. Тое, што для прагрэсіўных змен не змагла здзейсніць растурзаная апазіцыя, зрабіў сам час. У Беларусі вырасла інтэрнэтнае пакаленне, адбыўся зрух у свядомасці многіх старэйшых людзей.