«За беларускую мову амапаўцы зламалі два рабры»

Сведчанні для будучага трыбуналу над лукашыстамі. Жыхар Менску Сяргей Чаравака распавёў «Радыё Свабода» сваю гісторыю пра катаваньні:«Я выйшаў з ізалятара ў Жодзіне, дзе заканчваў адбываць 10 дзён адміністрацыйнага арышту за ўдзел у «ланцугу салідарнасьці», які стаў ва Ўруччы 2 кастрычніка. Першыя 5 дзён арышту адбыў на Акрэсьціна, прычым сядзеў як у ізалятары часовага ўтрыманьня, гэтак і ў цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў. А потым яшчэ 5 дзён — у ізалятары Жодзінскай турмы. Магу параўнаць. Але агульнае ўражаньне — паўсюль стала горш, чым раней. Турэмнікі яўна атрымалі загад давесьці ўмовы адседжваньня да катаваньняў, каб людзі панічна баяліся зноў трапіць за краты. Амапаўцы пры перавозцы затрыманых у аддзелы міліцыі і супрацоўнікі ізалятараў зноў пачалі жорстка біць пратэстоўцаў, і гэта таксама ня проста свавольства, а мэтанакіраваная тактыка. Яшчэ ў ізалятары на Акрэсьціна я пазнаёміўся з пратэстоўцам Дзьмітрыем, якому пасьля затрыманьня амапаўцы зламалі два рабры. Потым зь Дзьмітрыем я апынуўся на адным этапе ў Жодзіна.