Лідар страйку на «Гроднапрамбуд»: Пратэсты не спыняцца, і перамога не за гарамі

Вельмі многія настроены ісці да канца. Як жыве і пра што думае былы старшыня страйкама «Гроднапрамбуд» Юлія Сліўко, напісала ў новым артыкуле «Народная воля». «Усе на кончыку алоўка… »На прадпрыемстве «Гроднапрамбуд» быў арганізаваны адзін з першых страйкамаў у Гродне. Яго ўзначаліла тынкоўшчыца Юлія Сліўко. На прадпрыемстве жанчына адпрацавала 13 гадоў. Яе звольнілі з фармулёўкай “па ўзаемнай згодзе бакоў”. За гэты месяц Юлія вонкава нібыта не змянілася, хіба што погляд стаў больш сумны, не такі, як быў у жніўні, калі яна выступала перад народам на плошчы. Цяпер у яе жыцці ўсё так, як звычайна здараецца ў такіх выпадках: працы няма, нават на прыватных прадпрыемствах адмаўляюцца яе браць, паколькі баяцца наступстваў. – У нас усе на кончыку алоўка, як казаў мой былы дырэктар, – заўважае Юлія. – Так што ў мяне сітуацыя класічная. У нас жа заўсёды за нешта можна чалавека арыштаваць. Таму я разумею, чаму мне адмаўляюць у працаўладкаванні. З інтэрната Юлію пакуль не выселілі, паколькі яна адпрацавала на прадпрымстве больш за 13 гадоў і жыве там з непаўнагадовым сынам.