«Карміць гэты рэжым я ня буду»

Гiсторыя слуцкага будаўніка. Зь Сяргеем я пазнаёміўся ў Слуцку, за тыдзень да выбараў, на мітынгу ў падтрымку Сьвятланы Ціханоўскай, куды мяне запрасілі пасьпяваць, пiша Зьміцер Бартосік для «Радыё Свабода». Пасьля мітынгу была невялікая бяседа ў слуцкіх сяброў. Стол, песьні, размовы пра будучынюСяргей — будаўнік. Супрацоўнік пасьпяховага дзяржаўнага прадпрыемства. Ён — сапраўдны беларус і абліччам, і ўнутрана. Спакойны, разважлівы, з прыроднай беларускай мовай. Ён — адзін з тых нешматлікіх ініцыятараў акцыяў супраціву, якія нідзе не фіксаваліся і нікому не вядомыя. І, разам з тым, ён носьбіт той самай беларускай рахманасьці ды памяркоўнасьці, якая не дазваляе адкрыта назваць сваё імя і сваю фірму. Нехта скажа, што гэта баязьлівасьць, нехта — што празьмерная асьцярожнасьць. Але я яго разумею. Бо адказвае ён ня толькі за сябе. А яшчэ ён не паддаўся аптымістычнай эўфарыі, якую я часта сустракаю сярод знаёмых і незнаёмых людзей. Сярод свайго невялікага калектыву ён адзіны, хто пайшоў да канца.