Анжаліка Агурбаш: Я была ўпэўнена, што рэпрэсіўную машыну спыніць армія

Кожны беларус, які выходзіць на мірны марш — воін святла. Пляцоўка ля пасольства Беларусі ў Маскве таксама стала пратэснай — людзі тут не перастаюць выказваць салідарнасць з беларускім супрацівам. Кожную нядзелю сюды прыходзіць спявачка і заслужаная артыстка Беларусі Анжаліка Агурбаш. Аднойчы ля будынка пасольства яе нават затрымалі за «арганізацыю несанкцыянавага мерапрыемства», але пратакол урэшце складаць не сталі. Журналісты «Нашай Нівы» пагаварылі з Анжалікай пра тое, чаму ў апошнія гады яна рэдка бывала ў Беларусі, хто мог спыніць «рэпрэсіўную машыну» і як яна абмянялася смс з Наталляй Эйсмант. — Вы казалі, што дагэтуль былі апалітычнай. У які момант гэта змянілася?— Я старалася не паглыбляцца ў палітыку, каб мая творчая энергія заставалася чыстай і некранутай. Але заставацца абыякавым да таго, што цяпер адбываецца, можа толькі абсалютна бяздушны, сляпы і глуханямы чалавек. І потым мы ўсе сталеем, у мяне ўжо два дарослыя сыны — два мужчыны-абаронцы, я ў тым узросце, калі магу смела выказваць свае погляды і рабіць адпаведныя ўчынкі.