Сурвіла: У 2020 да слуцкіх герояў далучыліся сотні тысяч новых пад бел-чырвона-белымі сьцягамі

Старшыня Рады БНР да стагодзьдзя Слуцкага збройнага чыну выступіла са зваротам. Сёньня — 100-годзьдзе Слуцкага Збройнага Чыну. 27 лістапада 1920 году Слуцкая брыгада БНР прыняла першы бой з войскамі Чырвонай Арміі, передает «Радыё Свабода». Аддзел 6-й роты Слуцкага стралковага палку на чале з паручнікам Кернажыцкім падчас выведкі ў раёне вёсак Быстрыца, Верамейчыкі, Васільчыцы і Чарнагубава сутыкнуўся з савецкім выведным атрадам. У гэты дзень ушаноўваецца памяць пра герояў-случакоў і ўсіх барацьбітоў за свабоду і незалежнасьць Беларусі. Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла да стагодзьдзя Слуцкага збройнага чыну выступіла са зваротам. «Сто гадоў таму беларускі народ паўстаў, каб бараніць сваю Бацькаўшчыну ад навалы з Усходу. Слуцкая брыгада — дзесяць тысяч случчакоў пад сьцягам Беларускай Народнай Рэспублікі — „пайшла ўміраць, каб жыла Бацькаўшчына“. Сто гадоў у вольным сьвеце беларусы адзначаюць з удзячнасьцю гераічны збройны чын Слуцкай брыгады і ганарацца ёю. У гэтым 2020-м годзе да слуцкіх герояў далучыліся сотні тысяч новых герояў, якія выступілі пад бел-чырвона-белымі сьцягамі, каб вызваліць свой край ад хлусьні, ад гвалту і ад прыгнёту чалавекам, які здрадзіў сваёй прысязе Канстытуцыі Беларусі і гандлюе беларускім народам як сваёю маёмасьцю», — гаворыцца ў звароце.