У Менску ўшанавалі ахвяр Галакосту і нагадалі, што пра гэтую трагедыю мала вучаць у школах

У мітынгу ўзялі ўдзел сьвятары і дыпляматы зь Беларусі, Ватыкану, Ізраілю. У мітынгу на менскім мэмарыяле ахвярам Галакосту ўзялі ўдзел сьвятары і дыпляматы зь Беларусі, Ватыкану, Ізраілю. Кіраўніца Гістарычнай майстэрні заўважыла, што ў беларускіх школах і праз 80 гадоў пасьля трагедыі Галакост амаль не вывучаюць. Напярэдадні Міжнароднага дня памяці ахвяр Галакосту, які адзначаецца 27 студзеня, ля мэмарыялу ахвярам Менскага гета сабраліся прадстаўнікі габрэйскіх арганізацый, сьвятары і дыпляматы з розных краін, паведамляе «Новы Час». Галоўны рабін Рэлігійнага аб’яднаньня суполак прагрэсіўнага юдаізму ў Беларусі Рыгор Абрамовіч нагадаў пра габрэяў, якіх нацысты ў вайну везьлі сюды з краін Эўропы на сьмерць. Праз гады на гэтым месцы, дзе ўсё яшчэ ляжаць мацэвы з колішніх габрэйскіх могілак, паўстаў помнік аўтарства славутага скульптара Леаніда Левіна. Рыгор Абрамовіч падкрэсьліў, што габрэі Менску здолелі аднавіць культурніцкую дзейнасьць у горадзе, хоць пасьля Галакосту, учыненага нацыстамі, наступіў яшчэ адзін складаны пэрыяд, ужо пад уладай Саветаў.