Таццяна Севярынец — пра сына, Афнагеля, Вінярскага і паплечнікаў: Гэта найлепшыя людзі, цвет нацыі

Маці палітвязня зарадзілася энергіяй ад таго, як сёння яны скандавалі «Верым! Можам! Пераможам!». Магілёўскі абласны суд вынес вырак па крымінальнай справе супраць Паўла Севярынца і актывістаў «Еўрапейскай Беларусі». Кіраўнік хрысціянскай дэмакратыі пакараны 7 гадамі калоніі ўзмоцненага рэжыму. Іншыя ўдзельнікі працэсу атрымалі ад 4 да 7 гадоў зняволення. Мама палітвязня Таццяна Севярынец падзяліся з nn. by ўражаннямі ад прысуду сыну. «Мы не тое, каб чакалі горшага, мы разумелі, што прысуд будзе вялікі. Гэта было зразумела. Але настолькі хлопцы стаялі ў гэтай клетцы светлыя, такія родныя, такія ўпэўненыя ў сабе. Мы і «Верым, можам, пераможам» крычалі, і «Жыве Беларусь» — гэта Паша кіраваў. Абвінавачанне і вырак гучалі настолькі бездапаможна і няўпэўнена, што людзі проста стаялі і рагаталі. Калі яны пералічвалі рэчы, які нібыта з’яўляюцца доказам здзяйснення страшных учынкаў, то было«16 бейсболак, 9 маек». Нейкія пасведчанні з выбараў. І самае галоўнае — прафсаюзны білет Вінярскага! Гэта вось такія доказы «злачынства», разумееце? Самае страшнае з пачутага — процівагаз.